Юндзіл Станіслаў Баніфацый
Прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі. Нарадзіўся 6.5.1761 г. ў в. Ясянцы Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён). Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоўскім доме. Потым вучыўся ў піярскай школе ў Лідзе, пасля заканчэння якой вырашыў прысвяціць сябе служэнню рэлігіі. У 1779 г. атрымаў права выкладаць, працаваў настаўнікам у піярскай школе мястэчка Расіены, у піярскім канвікце ў Вільні (1780). У 1781-82 гг. быў слухачом 2-гадовага курса філасофскіх навук у Вільні, адначасова наведваў публічныя лекцыі па хіміі ў Віленскай акадэміі. У 1784 г. пасвячоны ў святары. У 1785 г. перасяліўся ў мястэчка Шчучын, дзе ў школе піяраў выкладаў фізік, прыродазнаўчую гісторыю і батаніку, заснаваў пры школе невялікі батанічны сад. У 1786 г. вярнуўся ў Вільню, выкладаў логіку і метафізіку ў піярскім кляштары. Неўзабаве ўладальнік Шчучына Ігнацій Сцыпіа Дэль-Кампа запрасіў Юндзіла ў свой маёнтак для выхавання 4 сыноў. На гэтай службе Юндзіл меў даволі вольнага часу, каб займацца самаадукацыяй і навукай. Ён перакладаў з італьянскай мовы на польскую, у т.л. працу Дж. Бекарыі аб штучнай і прыроднай электрычнасці, збіраў у наваколлі Вільні, Ліды і Шчучына ўзоры мясцовых флорф і фауны (сабраныя ім багатыя калекцыі загінулі ў час паўстання 1830-31). Удасканаліўшы веды ў прыродазнаўчых навуках, Юндзіл пачаў чытаць лекцыі па заалогіі ў піярскіх школах. Але яго педагагічная дзейнасць ускладнялася адсутнасцю неабходных дапаможнікаў і падручнікаў. Гэта і падштурхнула яго да складання адпаведных настаўленняў, у якіх даў звесткі пра лекавыя расліны Беларусі, Літвы і Польшчы і іх выкарыстанне. Да гэтага настаўлення дадаваўся навуковы трактат па батаніцы, бібліяграфічны нарыс і біяграфія натураліста К. Лінея. Другой працай было “Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея” (Вільня, 1811), за якую кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў Юндзіла залатым медалём “Merentibus” (Юндзіл быў першы, каго ўзнагародзілі гэтым медалём). Другі такі медаль Юндзіл атрымаў за даследаванне “Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках” (Вільня, 1792), якое ён прадставіў каралю разам з пробамі солі, атрыманай шляхам вымарожвання з вады. У 1792 г. прызначаны экстраардынарным прафесарам натуральнай гісторыі ў Галоўнай школе ВКЛ і яму былі выдаткаваны сродкі на паездку за мяжу з мэтаю ўдасканалення ў навуках. У Кракаве і Вене Юндзіл слухаў лекцыі па хіміі і мінералогіі, знаёміўся з аўстрыйскай флорай, пабываў у наваколлі Карпат, азнаёміўся з акадэмічным батанічным садам у Вене і шэрагам іншых добраўпарадкаваных садоў. Адтульён накіраваўся ў Саксонію, дзе вывучаў мінералогію і знаёміўся з мясцовымі горнаметалургічнымі заводамі, наведаў Прагу, Дрэздэн і інш. У 1793 г. аглядаў руднікі і горныя заводы ў Венгрыі, знаёміўся з Венскай ветэрэнарнай школай, на ўзор якой меў намер стварыць школу ў Вільні. Калі Юндзіл сабраўся вяртацца ў Вільню, палітычныя абставіны тут ускладніліся (трэці падзел Рэчы Паспалітай). Астаўшыся ў Вене без матэрыяльных сродкаў, ён заняўся прыватнымі ўрокамі па батаніцы і мінералогіі, паралельна 2 гады вывучаў ветэрынарыю. Атрымаўшы ў 1797 г. паведамленне аб прызначэнні яго экстраардынарным прафесарам на кафедры натуральнай гісторыі ў Віленскай акадэміі, ён у кастрычніку таго ж года вярнуўся з Вены ў Вільню, дзе і заставаўся да канца свайго жыцця. Тут ён заняўся арганізацыяй батанічнага саду і мінералагічнага кабінета пры Віленскай акадэміі, абсталяваў прыродазнаўча-гістарычны кабінет, экспанаты для якога паступілі з калекцый і ўзораў, падараваных Ж. Жыліберам, Г. Фостэрам і былым вялікім гетманам літоўскім М. Агінскім. У 1798 г. Юндзілу прысвоена ступень доктара філасофіі. У 1799 г. выдаў падручнік “Прыкладная батаніка” (Вільня). Калі ў 1799 г. педагагічная камісія прыняла рашэнне пра заснаванне батанічнага саду і даручыла Юндзілу ўзначаліць яго, ён ахвотна згадзіўся і выконваў гэтыя абавязкі 27 гадоў. У 1800 г., атрымаўшы ступень доктара багаслоўя, паралельна займаў пасаду цэнзара духоўных кніг; ад прапанаванай яму пасады віленскага кафедральнага каноніка адмовіўся з-за занятасці навуковымі працамі. У 1801 г. апублікаваў у Вільні “Дысертацыю пра саранчу і сродкі яе знішчэння”, у 1807 падручнік “Заалогія” (ч. 1 – 3). У 1802 г. прызначаны ардынарным прафесарам Віленскай акадэміі. У 1824 г. выйшаў у адстаўку, але прадаўжаў навуковую дзейнасць, быў членам многіх навуковых таварыстваў. У ліку першых на Беларусі і ў Літве Юндзіл тлумачыў працэсы жыцця з матэрыялістычных пазіцый. Памёр С.Б. Юндзіл 18.4.1847 г.