ВАЦЛАЎ ІВАНОЎСКІ
Заснавальнікам лідскай галіны Іваноўскіх з'яўляецца Станіслаў Іваноўскі (1819-1900) -- службовец канцылярыі Гарадзенскага дваранскага дэпутатскага сходу і Гарадзенскай палаты дзяржаўных маёмасцяў. Пасля трох шлюбаў з мясцовымі шляхцянкамі: Антанінай Быкоўскай, Каралінай Клімантовіч, і Станіславай-Фільяменай Губарэвіч становіцца ўладальнікам фальваркаў Лябёдка, Лябёдка Клімантовічаў, часткі маёнтка Галавічполе у Стара-Васілішскай воласці Лідскага павету (зараз Шчучынскі раён) і бацькам траіх дзяцей: Марыі, Юзэфы і Леанарда.
Леанард Станіслававіч Іваноўскі (1845 - 1919) атрымаў добрую адукацыю: Віленская гімназія, Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1868). Больш дваццаці гадоў будаваў прамысловыя прадпрыемствы па ўсёй Расіі. Стаў дзейсным стацкім дарадцам, супрацоўнічаў з Дз. І. Мендзялеевым, быў старшынём Варшаўскага таварыства агароднікаў. Заклаў у Лябёдцы сад на 20 гектараў, займаўся селекцыяй. Двойчы на ўсерасійскіх сельскагаспадарчых выставах гародніна з яго агароду была адзначана залатымі медалямі. Узяў шлюб з Ядвігай Рэйхель, з якой меў пяцёра дзяцей: Юрыя (1876-1965), Вацлава (1880-1943), Тадэвуша (1882-1970), Алену і Станіслава (1887 г. н.)
Хаця ў сям'і Іваноўскіх і карысталіся ў штодзённым ужытку польскай мовай, бацька лічыў сябе і свой род нашчадкамі шляхты старой Літвы. Сямейнае выхаванне ў падобным духу дало свой плён: ягоны сын Вацлаў, які нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 года ў Лябёдцы, вызначыў сябе, як беларуса, і гаварыў на мове свайго народа. Браты Вацлава Тадэвуш і Юры (Ежы) з узростам далучыліся да палітычнага і нацыянальнага руху: адзін - Літвы, другі - Польшчы. У 1891 г. сям'я Іваноўскіх пераехала ў Варшаву.
У 1899 годзе Вацлаў скончыў 5-ю Класічную гімназію ў Варшаве і таксама, як і бацька, Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1904). Асістэнт кафедры тэхналогіі харчовых прадуктаў роднага інстытуту (1905), стажыроўка ў Мюнхенскім палітэхнічным інстытуце, даследванні па цукровых бураках у Віленскай губерні і на грунце гэтай працы ў 1909 г. атрымоўвае ступень доктара тэхналагічных навук. У 1909-1913 г. дацэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, выкладчык курсу ферменталогіі на Вышэйшых жаночых палітэхнічных курсах і адначасова старшы кансультант пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі. У 1912 г. выдадзена першая яго праца "Вынікі выпрабаванняў садавінных і гароднінных сушылак". У сярэдзіне 1913 г. пераязджае ў Вільню, кіруе прамыслова-гандлёвым аддзелам Віленскага сялянскага таварыства.
Многае ў яго пераездах, змена відаў дзейнасці тлумачыцца палітычнымі прыхільнасцямі Вацлава Іваноўскага. Ён - адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Вызначыўшы сябе, як беларуса, ён зрабіў беларускае адраджэнне мэтай свайго жыцця.Ужо падчас вучобы ў Пецярбургу ён здолеў згуртаваць вакол сябе студэнтаў-беларусаў, якія ўзімку 1901-1902 гадоў утварылі нелегальную Беларускую рэвалюцыйную партыю. Стаў яе лідэрам. З 1902 года БРП пачала займацца выдавецкай дзейнасцю, надрукаваўшы зварот "Да інтэлігенцыі", адрасаваны адукаваным беларусам. Першы пункт праграмы дзейнасці нацыянальнай інтэлігенцыі быў сфармуляваны так: "Стварыць гурткі з мэтай працы над роднай мовай (граматыка), краязнаўствам, гісторыяй, літаратурай. Звярнуцца да спецыялістаў з просьбай аб выкладанні і напісанні адпаведных прац. Палегчыць іхнюю працу матэрыяльнай спамогай".
У 1903 годзе В. Іваноўскі разам з А. Пашкевіч (Цёткай), і братамі Луцкевічамі выдае ў Лябёдцы першы нумар нелегальнага часопіса "Свабода". (Увесь наклад, каб пазбегнуць арышту, вымушаныя былі знішчыць самі выдаўцы). Да 1904 года намаганнямі Іваноўскага ў Пецярбургу і Кракаве выйшлі 8 друкаваных выданняў. Пасля расколу БРП узначаліў "Круг беларускай народнай прасветы і культуры". У 1904-1905 г.г. сябар ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, займаўся прапагандысцкай працай, заснаваў партыйную друкарню ў Менску і выдавецтва "Грамада" ў Пецярбургу. Адначасова пад псеўданімам Вацюк Тройка супрацоўнічаў з газетамі "Наша доля" і "Наша ніва". Адзін з арганізатараў створанай у 1906 годзе ў Пецярбургу выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца". Укладальнік першага беларускага лемантара, выдадзенага лацінкай і кірыліцай. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы з асноўнымі мовазнаўчымі тэрмінамі. Быў ініцыятарам увядзення знакаў "ч", "ш", "ж" у беларускай лацініцы па чэшскаму варыянту, каб адрозніваць яе ад польскага алфавіту.
У канцы 1909 года па запрашэнню Іваноўскага ў Пецябрург прыехаў Купала, які актыўна ўключыўся ў выдавецкую дзейнасць. Кіраваная Іваноўскім суполка стала прыбытковым камерцыйным прадпрыемствам, якое выдавала творы Купалы, Коласа, Цёткі, Бядулі, Гартнага, Буйлы, Журбы ды шмат іншых.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 уключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе 1917 у Мінску.
У 1918 годзе выконвае абавязкі рэктара Мінскага педагагічнага інстытута і міністра асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў
А. Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з Я.Лёсікам, А.Уласавым і іншымі сябрамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, спадзеючыся на стварэнне кааліцыйнага ўраду БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У маі 1919 г. арыштаваны і інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення з смаленскай турмы адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.
У сваёй навуковай дзейнасці займаўся пытаннямі перапрацоўкі садавіны і гародніны, хлебапячэння і перапрацоўкі малака, вытворчасці і выкарыстання спіртавых сумесяў, імпрагнацыі драўніны, ачысткі і выкарыстання пасляцэлюлёзных стокаў. Неаднаразова друкаваўся ў польскіх прафесійных перыядычных выданнях і за мяжой. Рэпразантаваў Польшчу на Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях стандартызацыі аналізаў прадуктаў харчавання ў Парыжы ў 1929 г. і на Міжнародным кангрэсе малочнай вытворчасці ў Капенгагене ў 1931 г.
У 20-я годы ў Баярках, якія атрымаў у спадчыну з маёнтку Лябёдка, арганізаваў агародныя і садовыя гаспадаркі. У 1935-1937 г. г. кіраўнік вайсковага навучання Варшаўскай Палітэхнікі.
Прафесар В. Іваноўскі быў шматгадовым куратарам інстытуцкіх таварыстваў "Гурток вільнян", "Гурток зямлі Наваградскай". Быў вялікім сябром моладзі, любімцам студэнтаў. Для дыпламантаў знаходзіў субсідыі з ферментатыўна-харчовай прамысловасці і аказваў дапамогу ў атрыманні работы.
У першыя месяцы нямецкай акупацыі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У канцы 1941 года прыехаў у Мінск. Ён легальна супрацоўнічае з акупацыйнымі ўладамі. У 1942 годзе прызначаны на пасаду бурмістра Мінску. Ведучы адначасова канспіратыўную палітычную дзейнасць, імкнуўся стварыць незалежную беларускую дзяржаву.
6 снежня 1943 Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы, прывезены ў шпіталь, і на другі дзень (7 снежня 1943) памёр ад прычыненых ран. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.
--------------------------------------------------------------------
Літаратура аб жыцці і дзейнасці
-
Іваноўскі Вацлаў Леанардавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. - Мінск, 1998.- Т.7. - С.155
-
Іваноўскі Вацлаў Леанардавіч// Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999.- Т.3.- С.466
-
Іваноўскі Вацлаў Леанардавіч // Беларусь: энцыкл. давед. – Мінск. – 1995. – С.343
-
Туронак, Ю.Б. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі / Ю. Б. Туронак. - Мінск : Медисонт, 2006. - 178 с.
-
Омелько, С. В. По следам рода Ивановских / С. В. Омелько // Шчучыншчына. Мінулае і сучаснасць. - Гродна-Шчучын, 1995-1997 . - С. 90-93.
-
Калубовіч, А. Прафесар Вацлаў Іваноўскі і Беларуская Рада Даверу // Калубовіч А. Крокі гісторыі. – Мінск, 1993. – С.146-156
-
Хто такі Вацлаў Іваноўскі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі.- Мінск, 1993. – С.58-59
-
Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Юрий Туронак . – Мінск: Беларусь, 1993. – 236 с.
-
Туронак, Ю. Жыццё і дзейнасць Вацлава Іваноўскага. Наш радавод. Кніга 6. - Ліда, 1994 . - С. 99-102
-
Помнік на магіле вялікага лідзяніна // Лід. летапісец. -2007.-№ 1. - С. 2-3.
-
Савук, А. Вацлаў Іваноўскі / А. Савук // Лід. летапісец. - 2000. - № 3. - С. 18-21.
-
Туронак, Ю. “В.Іваноўскі і адраджэнне Беларусі” / Маладосць . - 1994.- №8
-
Вацлаў Іваноўскі (1880-1943) // Новыя кнігі Беларусі. – 1994.- №2. - С.7-9 (Дадатак)
-
Туронак, Ю. Ваша национальность? / Юрий Туронак // Нёман. – 1992. - №12. – С.154-164
-
Туронак, Ю. “Загляне сонца…” і Вацлаў Іваноўскі / Юрый Туронак // Спадчына . – 1992. - №2. – С.65-74
-
Ляневіч, А. Успомнім Вацлава Іваноўскага / Андрусь Ляневіч // Народная газета. – 2004. – 19 ліст. - С.2
-
Данскіх, С. Іваноўскія – забытыя садаводы са Шчучыншчыны /Сяргей Данских // Дзянніца. – 1998. -30 верас.
-
Амелька, С. Па слядах род Іваноўскіх / С.Амелька // Дзянніца. – 1996. – 27 ліп.
-
Дзежыц, В. Тры браты – тры лёсы / В.Дзежыц // Дзянніца. – 1996. – 1 кастр.
-
Рыгаровіч,В. Першыя крокі зрабілі ў Лябёдцы / В.Рыгаровіч // Дзянніца. – 1995. – 25 ліп.
-
Вацлаў Іваноўскі – наш зямляк // Дзянніца. – 1993. – 27 ліп.
-
Хацкевіч А. “Хто забіў Вацлава Іваноўскага?” / А.Хацкевіч //Звязда. - 1993 . - 22 июля
-
Туронак, Ю. “Іваноўскі быў нацыянальным дзеячам…”/ Юрий Туронак // Літаратура і мастацтва. – 1992. – 16 кастр. – С.5, 12