top of page

Рычард Бялячыц

  Нарадзіўся Рычард Станіслававіч 16 верасня 1953 года ў вёсцы Стаўбуры Астравецкага раёна.

Скончыў Варнянскую сярэднюю школу, літаратурна-музычнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Танка.

Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара Цудзенішскай школы Ашмянскага раёна, затым у сваёй роднай школе. Пэўны час працаваў інспектарам школ аддзела адукацыі Астравецкага раёна, загадчыкам аддзела пісем рэдакцыі газеты "Астравецкая праўда".

У 1987 годзе пераехаў у Шчучынскі раён. Спачатку працаваў намеснікам дырэктара Дудкоўскай базавай школы, а з 1991 года ўзначальвае педкалектыў гэтай навучальнай установы.

    Творчы набытак Рычарда Бялячыца важкі і грунтоўны. Вершы пачаў пісаць у школьныя гады, а друкавацца як паэт пачаў з 1979 года ў розных перыядычных выданнях. Зараз ён з'яўляецца аўтарам пяці паэтычных зборнікаў: "Сакавіцкае крыло"(1988), "Прасветлінка"(1995), "Міг выратавання"(2001), "Вочы малітвы" (2005), "Святлом і ценем"(2009), паэмы "Бераг маўчання", тапанімічнага аповеду «На радзіме Котры» (2009).

Адна з апошніх кніг паэта "Вочы малітвы" яшчэ ў рукапісе была адзначана прэміяй імя А.Дубко (2003 год). У сціплай анатацыі сказана наступнае: "Паэт са Шчучыншчыны Рычард Бялячыц імкнецца далучыць чытача да філасофскіх разваг над жыццём, што хвалююць самога аўтара і яго лірычнага героя, які кахае, дбае, жыве. Адметная рыса яго паэзіі -шчырасць і адкрытасць - своеасабліва праяўляюцца ў новай кнізе".

Кожная кніга Р.Бялячыца - гэта шчырая размова паэта пра мінулае і сучаснае, пра самае дарагое і блізкае сэрцу, пра часовае і вечнае. Вершы поўныя шчырасці і арыгінальнасці, вызначаюцца глыбінёй думкі, прыгажосцю і непаўторнасцю паэтычных вобразаў. Паэт знаходзіць яркія вобразы, асаблівыя, шчырыя словы, якія ідуць ад сэрца, не пакідаюць чытачоў раўнадушнымі.

 

То раздольна песням,

То зацішна.

 Голас то душы,

То салаўёў.

Ты сама, Радзіма,

Вершы пішаш,

Толькі ставіш

Прозвішча маё

       "Вершы Радзімы"

 

Мой час - мае чуйныя лекі,

Што днём, што глыбокае ноччу:

Калі натамляюцца стрэлкі,

У скроні і ў вокны грукоча.

Як стук надарванага сэрца,

Як стогн ля замглёнага Крэва,

Як стрэл перуна, што ўвап'ецца

У маё кучаравае дрэва.

Тады сваё слова скажы ты,

Пабудзь да світання са мною,

I чыстыя вочы малітвы

Паўстануць

Над белай зямлёю.

            "Вочы малітвы"

 

На самым беразе зямлі стаю.

Гатовы і да шчасця, і да болю.

Адкрый мне тайну лепшую сваю,

Мы, можа, не сустрэнемся ніколі.

Начная птушка

У непагадзь і ціш

Ахоўвае нябёсы залатыя.

Я слухаю,

Як верна ты маўчыш,

Як зорка на гняздзе высокім

Пёркі мые.

     "На самым беразе зямлі стаю"

bottom of page